Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Як рыхтавацца да экзамену па беларускай мове

Парады выпускнікам па падрыхтоўцы да выпускнога экзамену па беларускай мове


Экзамен - гэта заўсёды выпрабаванне, якому павінна папярэднічаць сур'ёзная, грунтоўная падрыхтоўка.
Па беларускай мове за курс сярэдняй школы вучні здаюць пераказ тэксту. Падрыхтоўка павінна пачынацца загадзя, бо трэба не толькі паўтарыць правілы арфаграфіі і пунктуацыі, але і навучыцца працаваць з тэкстамі.
Большасць вучняў памылкова лічыць, што галоўнае - перадаць тэкст як мага бліжэй да арыгіналу. Між тым зусім не трэба імкнуцца пераказаць тэкст "слова ў слова", важна "выявіць галоўную думку (ідэю) твора ці ўрыўка, раскрыць яе праз перадачу зместу ў пэўнай паслядоўнасці , захоўваючы моўныя і стылёвыя сродкі ў адпаведнасці з ідэйна-мастацкай задачай зместу". Такі падыход дазваляе вучням выявіць свае творчыя магчымасці, а галоўнае - пазбегнуць цяжкасцей у напісанні. Так, амаль заўсёды можна замяніць сінонімам ці блізказначным слова, у напісанні якога вы сумняваецеся. Можна нават прапусціць слова, словазлучэнне, пэўную сінтаксічную канструкцыю, калі не памятаеце дакладна, як афармляць яе на пісьме (зразумела, такі пропуск магчымы толькі тады, калі ён не разбурае сказ, не робіць выказванне незразумелым). Можна змяніць парадак слоў у сказе, "падагнаць" яго пад правіла, якое вы ведаеце дакладна. Нарэшце, можна перабудаваць сказ (напрыклад, складаны бяззлучнікавы ў складаназлучаны ці складаназалежны, простую мову замяніць ускоснай, з аднаго складанага сказа зрабіць некалькі простых і г.д.). Словам, галоўная задача - знайсці аптымальны варыянт перадачы зместу тэксту і лепшага яго афармлення. Гэта задача пад сілу падрыхтаваным да такога віду творчай працы, як пераказ.
Пры самастойнай падрыхтоўцы можна параіць дапаможнік, складзены С.І. Цыбульскай. Структура яго адпавядае зместу школьнай праграмы па беларускай мове. Аднак некаторыя пытанні разглядаюцца больш падрабязна, іншыя толькі агаворваюцца, нагадваюцца. Такі падыход да выкладання матэрыялу - вынік шматгадовых назіранняў і аналізу работ абітурыентаў розных навучальных устаноў г. Мінска. Таму ў адным параграфе вы знойдзеце тлумачэнні, парады, разважанні, у другім - схемы і табліцы, у трэцім - "сухія" правілы.
Задача вучняў - прааналізаваць тэарэтычны матэрыял. разабрацца ў ім, зразумець, што трэба завучваць (напісанні, правілы пастаноўкі знакаў прыпынку, асаблівасці беларускага сінтаксісу), а што - асэнсаваць.
Падрыхтоўка да экзамену ў форме пераказу мае сваю спецыфіку. Такі від работы, як дыктант, патрабуе пэўнага ўзроўню развіцця слыхавай (маторнай) памяці; рыхтуючыся да тэсту. неабходна развіваць найперш памяць зрокавую. Якаснае напісанне пераказу патрабуе даволі высокага развіцця абодвух відаў памяці. Таму заданні, змешчаныя ў дапаможніку, арыентаваны на развіццё і слыхавай, і зрокавай памяці.
Разам з тым многія практыкаванні арыентаваны на развіццё і ўдасканаленне камунікатыўных навыкаў (уменняў дакладна ўжываць словы, захоўваць іх лексічную спалучальнасць, будаваць словазлучэнні і сказы, пераказваць тэкст з захаваннем пэўных стылёвых асаблівасцяў).
Абавязкова выконвайце ўсе практыкаванні - гэта дапаможа вам замацаваць веды па тэорыі, выпрацаваць уменне карыстацца правіламі на практыцы.
Кожны раздзел дапаможніка змяшчае заданне напісаць пераказ тэксту. Гэтыя тэксты, як правіла, меншыя за тыя, што даюцца на экзаменах, аднак не варта пачынаць адразу з вялікіх: справіцца з імі можна толькі пасля пэўнай падрыхтоўкі. Пасля таго як пераказ напісаны яго неабходна праверыць , вярнуцца да тэксту, прааналізаваць найбольш цяжкія напісанні, растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку, адзначыць магчымую пунктуацыйную варыянтнасць. Для таго каб веды былі больш трывалымі, а ўменні дасканалымі, пасля кожнага практычнага задання неабходна выканаць работу над памылкамі. Гэта найбольш дзейсная прафілактыка памылак: прааналізаваць моўную з'яву, успомніць адпаведнае правіла, самастойна падабраць прыклады на гэта правіла - словам, асэнсаваць, чаго раней не ведаў і на што трэба яшчэ раз звярнуць увагу.
Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны "Зборнік экзаменацыйных матэрыялаў па беларускай мове за курс сярэдняй школы (тэксты для пераказу), які варта мець кожнаму, хто рыхтуецца здаваць экзамен у форме пераказу ў школе.
Бясспрэчна, лепш рыхтавацца да экзамену пад кіраўніцтвам спецыяліста - настаўніка, выкладчыка падрыхтоўчых курсаў, рэпетытара. Але, калі гэта немагчыма, не трэба адчайвацца: дапаможнік якраз разлічаны на самастойную працу абітурыентаў, у ім ёсць раздзел "Адказы да практыкаванняў",які дапаможа вам праверыць сябе.
Усе пытанні, якія ўзнікаюць пры працы з тэарэтычным матэрыялам, практыкаваннямі, тэкстамі, абавязкова трэба занатаваць (можна адвесці для гэтага некалькі старонак у рабочым сшытку), каб потым задаць іх на кансультацыі, якая звычайна праводзіцца напярэдадні экзамену.

Неабходна нагадаць правілы напісання пераказу.
• Пры першым чытанні слухайце тэкст уважліва. Звярніце ўвагу, які тып маўлення ўласцівы яму, асаблівасці якога стылю мовы вам неабходна перадаць. Сфармулюйце для сябе тэму і галоўную думку тэкста (пра што вам трэба расказаць, што апісаць, над чым паразважаць і да якога вываду прыйсці).
• Калі тэкст чытаецца другі раз, вы можаце рабіць якія-небудзь паметкі: апорныя словы і спалучэнні слоў, змест простай мовы і інш. Пры неабходнасці экзаменатар звычайна тлумачыць некаторыя словы і выразы або нават запісвае іх на дошцы (як правіла, гэта словы іншамоўнага паходжання, якія рэдка ўжываюцца, або словы з лексікі абмежаванага ўжытку: прафесіяналізмы, дыялектызмы, устарэлыя словы).
• Цяпер вам трэба пераказаць тэкст. Спачатку пішыце так, як вам запомнілася. Затым загляніце ў запісы, зробленыя падчас другога чытання, і ўнясіце патрэбныя змяненні, дапаўненні.
Прачытайце, што ў вас атрымалася; пры гэтым сачыце за тым, каб выказванне вызначалася паслядоўнасцю, лагічнасцю, каб не было сказаў, сэнс якіх цяжка або ўвогуле нельга зразумець (няправільна пабудаваны сказ, прапушчана слова, няўдалы парадак слоў і г.д.). Калі трэба, перабудоўвайце сказы, замяняйце ці перастаўце словы.
• Прачытайце тэкст яшчэ раз, звяртаючы ўвагу на тое, ці ўдала вы падзялілі яго на абзацы. Пры наступным чытанні праверце напісанне слоў і пастаноўку знакаў прыпынку. Важна асэнсаваць, для чаго патрэбны той ці іншы знак прыпынку (што ён раздзяляе ці выдзяляе) і які знак павінен стаяць у кожным канкрэтным выпадку (калі вы не ўпэўнены, лепш перабудаваць сказ такім чынам, каб знак прыпынку не выклікаў у вас пытанняў).
• Некалькі хвілін адпачніце, а потым перапісвайце работу на чыставік. Старайцеся не рабіць выпраўленняў і пісаць разборліва, думайце над кожным пераносам.
• Перачытайце тэкст яшчэ раз. Зверце чыставік з чарнавіком (ці не прапусцілі якое-небудзь слова, знак прыпынку, ці не забыліся выдзеліць абзац). Калі дазваляе час, крыху адпачніце і потым яшчэ раз прачытайце сваю работу так, як чыталі чарнавік.
Як відаць, самаправерка пісьмовай работы - справа складаная і не менш адказная, чым напісанне самой работы.