У “Кароткім тапанімічным слоўніку” Жучкевіча яе паходжанне тлумачыцца наступным чынам.
Назва паходзіць ад старажытна-рускага тэрміна “стольны” – так называлі часам галоўную сядзібу, ці галоўнае паселішча таго ці іншага князя (ад гэтага ж і слова сталіца). Сапраўды, Сталовічы з’яўляліся ўладаннем князёў Астрожскіх, Чартарыйскіх, а затым Радзівілаў (з 1596 г.). З Радзівіламі і звязаны значныя падзеі ў яе гісторыі.
Існуе легенда, якая звязвае ўзнікненне назвы Сталовічы з іменем князя Мікалая Крыштафора Радзівіла Сіроткі. Вось яе паходжанне.
Князь, будучы вельмі набожным чалавекам, вырашыў паехаць у Рым за адпушчэннем грахоў аж да самога Папы Рымскага. Увесь час ён падганяў валоў і коней, якія везлі скарб, каб да ночы паспець у Нясвіж. Але валы так стаміліся за дальнюю дарогу, што ўрэшце сталі сярод бяскрайняй пушчы на невялікай паляне. Вырашыў адпачыць і сам Радзівіл. Сон змарыў яго. І прысніўся яму Папа Рымскі, і паабяцаў адпусціць грахі толькі ў тым выпадку, калі ён пабудуе храм. Так князь і зрабіў. Пабудаваў храм, а вёска, узнікшая побач, атрымала назву Стваловічы, што значыць “валы сталі”.
Бачылі былыя жыхары Сталовіч і аднаго з самых славутых палкаводцаў Расіі А.В.Суворава. Дык вось некаторыя мясцовыя жыхары мяркуюць, што ўзнікшая назва вёскі звязана з імем Суворава. “Ён тут сталаваўся, таму і Сталовічы”, - гавораць яны.
Існуе яшчэ адна легенда ўзнікнення назвы вёскі Сталовічы.
Даўным-даўно жыў на ўскрайку лесу вельмі працавіты майстар Адам. Быў ён умельцам на ўсе рукі, але найбольш удаваліся сталы рознай формы і памераў, дубовыя і бярозавыя, упрыгожаныя разьбой. Матэрыялу для іх вырабу было дастаткова: навокал узвышаліся ствалы векавых дрэў. Прыязджалі да Адама паны з розных куткоў зямлі і заказвалі сталы для сваіх баляў. Зрабіўшы новы прыгожы і вялікі стол, запрашаў Адам жыхароў суседняй вёсачкі да сябе, каб тыя паглядзелі і ацанілі яго работу. Часта за гэтымі сталамі збіраліся цэлыя бяседы.
Старэў Адам, сыноў у яго не было, не было каму перадаць сваё ўменне. І стаў ён набіраць сабе вучняў, навучаць сакрэтам майстэрства. Сталелі вучні, будавалі свае хаткі недалёка ад Адама, заводзілі сем’і. Так і ўзнікла цэлая вёска, майстры якой славіліся сталамі. Таму і сталі называць гэту вёску Сталовічамі.
Упершыню Сталовічы ўпамінаюцца ў дакументах у 1449 годзе пад назвай Стваловічы. У 1449 г. гэта быў маёнтак Няміры Разанавіча, у 1535г. уласнасць князя І.К.Астрожскага, у 1571 г. – князя Аляксандра Чартарыйскага. У 1596 г. князь Ю.А.Чартарыйскі прадаў яго Крыштафу Радзівілу Сіротку. Сіротка пабудаваў тут за свой кошт драўляную капліцу.
Яго сын Жыгімонт Караль уступіў у рыцары Мальтыйскага ордэна і ў 1609 г. з дазволу вялікага магістра адкрыў у Сталовічах камандорства гэтага ордэна, якое праіснавала да часоў праўлення апошняга караля Рэчы Паспалітай С.Панятоўскага.
У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, па якому Сталовічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі і сталі павятовым горадам Сталовіцкай зямлі. Але пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Сталовічы зноў пераведзены ў разрад мястэчка. У 1801 годзе была ўтворана Гродзенская губерня, куды ўваходзіць Навагрудскі павет, у складзе якога былі Сталовічы. У 1843 годзе павет быў далучаны да Мінскай губерні. Сталовічы з’яўляліся валасным цэнтрам.
У 1812 годзе жыхары Сталовіч бачылі наступаючыя, а затым і адступаючыя воінскія часці арміі французскага імператара Напалеона Банапарта.
У 1813 годзе Сталовічы былі ўладаннем Людвіга Радзівіла. Ён быў апошнім камандорам у Сталовічах. Пры ім камандорства было ліквідавана, і ўсе ўладанні перайшлі да Радзівілаў Клецкай лініі. У 1886 годзе, калі памёр апошні ардынат клецкі Лявон Радзівіл, Сталовічы зноў былі далучаны да ардынацыі Нясвіжскай.
З вёскай Сталовічы звязаны лёс рускага паэта-дзекабрыста Кандрата Рылеева.
У 1814 годзе Кандрат Рылееў скончыў кадэцкі корпус і ў чыне прапаршчыка быў пераведзены ў дзейнічаючыю армію. У якасці афіцэра коннай артылерыі малады Рылееў прымаў удзел у паходзе ў Швейцарыю і Францыю. У пачатку снежня 1814 года паэт вярнуўся на радзіму. Пасля вандраванняў па Еўропе Рылееў быў накіраваны на службу ў воінскую частку, якая кватэравала ў мястэчку Сталовічы
У Сталовічах Рылееў меў зносіны з прадстаўнікамі беларускай і польскай інтэлігенцыі. Тут ён пасябраваў з Томашам Занам, будучым удзельнікам тайнага гуртка філаматаў. У той час, калі Рылееў быў у Сталовічах, часцяком з сябрамі прыязджаў на Сталавіцкія кірмашы ўраджэнец засценка Завоссе Адам Міцкевіч.
У сакавіку 1815 года Рылееў пакінуў Беларусь. Яго шлях ляжаў у Францыю, дзе пачыналіся “100 дзён Напалеона”.
У другой чвэрці XIX стагоддзя вялікую ролю ў жыцці мястэчка ігралі кірмашы, на якія збіралася шмат народу. Асабліва славілася мястэчка конскімі кірмашамі.
Так, у 1842 годзе тут адбылося два кірмашы: 15 жніўня і 15 верасня. Таваразварот склаў 850 рублёў. Вядома з гістарычных дакументаў, што ў 1849 годзе тут праводзіліся Успенскі (15 жніўня) і Прэабражэнскі (8 верасня) кірмашы, дзе з прывезеных тавараў на суму 980 рублёў было прададзена на суму 865 рублёў.
У другой палове XIX стагоддзя Сталовічы былі развітым для таго часу мястэчкам. Тут знаходзіліся ўсе органы валаснога ўпраўлення, быў станны пункт перасыльных арыштантаў, ваенны гарнізон і станавая кватэра, якую ў 1877 годзе перавялі ў Новую Мыш. У Сталовічах была таксама паштовая станцыя, бо праз мястэчка праходзіла паштовая дарога на Навагрудак і Кацярынінскі тракт (Пецярбург-Варшава).
У 1865 годзе ў мястэчку было адкрыта двухкласнае народнае вучылішча. Першым настаўнікам стаў дзяк Сталовіцкай царквы Кірыл Васільевіч Грамакоўскі.
У 1897 годзе ў Расійскай імперыі быў праведзены перапіс насельніцтва. У Сталовічах налічвалася 929 чалавек, сярод іх 515 яўрэяў і 367 католікаў. Таму ў Сталовічах была пабудавана яўрэйская сінагога, а ў 1907 годзе па просьбе насельніцтва каталіцкага веравызнання пачалося будаўніцтва касцёла “Сэрца Ісуса”. У 1911 годзе яго будаўніцтва было завершана.
Новым бедствам для жыхароў Сталовіч стала Першая сусветная вайна.
З самага пачатку вайны Беларусь апынулася ў прыфрантавой зоне, а з лета 1915 года на яе тэрыторыі пачаліся ваенныя дзеянні.9 верасня 1915 года немцы, прарваўшы абарону рускай арміі, захапілі Баранавічы і Сталовічы. Так мястэчка апынулася ў зоне нямецкай акупацыі, ля самай лініі фронта, якая праходзіла ў 2-3 кіламетрах ад Сталовіч. Таму жыццё мястэчка не парушылі буйныя падзеі, якія адбываліся на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі: Лютаўская, а затым і Кастрычніцкая рэвалюцыі.
У пачатку студзеня 1919 года Сталовічы былі вызвалены ад нямецкай акупацыі Чырвонай Арміяй, але савецкая ўлада праіснавала нядоўга.
У красавіку 1919 года вёска апынулася пад уладай Польшчы. У ноч з 16 на 17 красавіка 1919 года польскія войскі спрабавалі абыйсці мястэчка і прарваць лінію фронта. Спроба не ўдалася. Cілы Чырвонай Арміі не маглі стрымаць праціўніка. Сталовічы апынуліся пад пятой польскіх акупантаў.
У ліпені 1920 года Чырвоная Армія, сабраўшы сілы, пачала наступленне, вызваліўшы 19 ліпеня вёску. Аднак у верасні 1920 года жыхары бачаць ужо адступаючую Чырвоную Армію, і 30 верасня 1920 года зноў прыйшлі палякі. Па Рыжскім мірным дагаворы ад 18 сакавіка 1921 года Сталовічы ў складзе Заходняй Беларусі адышлі да буржуазнай Польшчы, уваходзілі ў склад Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства, з’яўляліся цэнтрам гміны. Паводле польскага перапісу 1921 г., тут было116 дамоў, 678 жыхароў. Сумежна з мястэчкам размяшчаўся аднайменны фальварак - 3 дамы, 37 жыхароў.
Сталовічы сталі ўладаннем адстаўнога генерала Карася з роду Радзівілаў. Усім цяжарам леглі на плечы жыхароў шматлікія падаткі і павіннасці. Карась баяўся згубіць кожную капейку з сваіх даходаў. Аб гэтым гаворыць хаця б той факт, што ён не дазволіў праводзіць праз свае землі будаваўшуюся ў напрамку Навагрудка дарогу. Дарога пайшла ў абход яго ўладанняў, атрымалася ў форме лацінскага “S” і была выпрамлена толькі ў пасляваенны час.
Польскія ўлады адкрылі ў мястэчку ў 1921 годзе пачатковую школу, а ў 1929 годзе сямігодку. Выкладанне прадметаў вялося толькі на польскай мове. Размяшчалася школа ў двух будынках, у маленькіх цёмных класах.
Верасень 1939 года прынёс вызваленне Заходняй Беларусі ад нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Па Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці быў створаны Гарадзішчанскі раён. Сталовічы сталі цэнтрам сельскага савета. У былой Заходняй Беларусі стала ўстанаўлівацца Савецкая ўлада. У артыкуле “Новы калгас”, надрукаваным у газеце “Чырвоная звязда” за 19 верасня 1940 года, старшыня Сталовіцкага сельскага Савета А. Гарадзецкі пісаў: “У гонар слаўнай гадавіны ў нашым сельсавеце арганізаваны новы калгас, які названы “17 верасня”. У калгас аб’ядналася 18 гаспадарак.
Мірнае жыццё і праца жыхароў Сталовіч былі парушаны нападзеннем фашысцкай Германіі на СССР.
Ужо 27 чэрвеня Сталовічы былі акупіраваны ворагам. Усталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым. Фашысты спалілі будынак школы, а дырэктара І.І. Бабашынскага вывезлі ў Калдычэўскі лагер. Гэты лагер быў створаны ў 1942 годзе (у 6 кіламетрах ад Сталовіч) для мірных савецкіх грамадзян. Перад адступленнем 30 чэрвеня 1944 года гітлераўцы растралялі вязняў лагера і ўзарвалі асноўныя памяшканні. У лагеры было знішчана 22 тысячы мірных грамадзян. Сярод іх былі і жыхары Сталовіч.
Гітлераўцы насільна вывозілі людзей у Германію. У маі 1943 года ў час святкавання рэлігійнага свята “Вялікдзень” яны ўстроілі аблаву каля сталовіцкай царквы. Схопленая моладзь была вывезена ў Германію. Але тэрор і насілле не зламалі волі духа людзей.
З першых дзён вайны ў Баранавіцкай вобласці пачалася партызанская і падпольная барацьба. У 1943 года гэту барацьбу ўзначаліў Баранавіцкі падпольны абком партыі. Жыхары Сталовіч пайшлі ў партызанскія атрады, былі мабілізаваны на фронт. Вось лёс некаторых з іх.
8 ліпеня 1944 года вёска Сталовічы была вызвалена войскамі 1-га Беларускага фронта. Цяжка прыйшлося насельніцтву Сталовіч у пасляваенны час. Частка дамоў была спалена, не хапала коней, каб узараць зямлю, і сялян, каб яе засеяць. Сялянскія гаспадаркі пачалі аб’ядноўвацца ў калгасы. Сталовіцкі калгас атрымаў назву “Страна Советов”. Першым яго старшынёй стаў Сяргей Іванавіч Дзякоўскі.
У цяперашні час Сталовічы – гэта аграгарадок. У цэнтры Сталовіч размешчаны двухпавярховы будынак, у якім знаходзіцца сельскі Савет, пошта, філіял Беларусбанка, магазін, аптэка, царква, касцёл, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, дзіцячы садок, сталовая, культурна-дасугавы цэнтр.
Запрашаем пазнаёміцца з помнікамі
архітэктуры аграгарадка Сталовічы
У аграгарадку Сталовічы да сённяшняга часу захаваліся два архітэктурныя помнікі: Сталовіцкая Аляксандра-Неўская царква і касцёл Сэрца Ісуса.
Сталовіцкая царква мае вельмі цікавую і складаную гісторыю. Будавалася яна як касцёл.
У 1609 г. сын уладальніка Сталовіч Мікалая Радзівіла Сіроткі Жыгімонт Караль уступіў у рыцары Мальтыйскага ордэна і адкрыў тут камандорства гэтага ордэна. У Сталовічах ён пабудаваў драўляны касцёл.
У 1639 г. на месцы гэтага касцёла была пабудавана каменная капліца для фігуркі Божай Маці, якую назвалі Ларэнтанскай. Гэту фігурку прывёз у пачатку XVII стагоддзя з італьянскага горада Ларэнта сам Мікалай Радзівіл. Існуе легенда, як аказалася яна ў Радзівілаў. Магнат у час падарожжа па Італіі пачуў, што ў Ларэнтанскім касцёле творыць цуды фігурка Божай Маці. Князь угаварыў мясцовае духавенства прадаць яе і дамовіўся заплаціць золатам за яе вагу. Фігурка была пакладзена на адну шалю вагаў, а на другую Радзівіл пачаў сыпаць золата. Але колькі ні сыпаў, шаля з фігуркай так і не паднялася. Між тым, асобна пераважанае золата далёка пераўзыходзіла сапраўдную вагу фігуркі. Тады князь вырашыў выкрасці фігурку, але быў затрыманы духавенствам. Улічваючы яго рэлігійнасць, духавенства пакінула Божую Маці Радзівілу, забраўшы пры гэтым усё золата, якое было ў князя. У “Описании церквей и приходов Минской епархии” ад 1879 года дадзена апісанне гэтай фігуркі.
У 1640 г. уладальнікам Сталовіч і мальтыйскім камандорствам стаў М. Дамброўскі. Ён заклаў каменны касцёл, будаўніцтвам якога ў 1740 – 1741 гг. кіраваў архітэктар І. Фантана. Капліца была ўключана ў агульны аб’ём пабудовы. У 1743 г. архітэктар І. К. Глаўбітц дапрацаваў праект і завяршыў будаўніцтва касцёла ў стылі віленскага барока. Храм пачаў дзейнічаць у 1746г.
У сувязі з паўстаннем 1863 г. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага царскія ўлады прынялі рашэнне перабудаваць касцёл у праваслаўную царкву. З 1868 г. ён пачаў дзейнічаць як Успенская праваслаўная царква. Былі ўзведзены 5 купалоў і званіца з пазалочанымі крыжамі.
Пасля Рыжскага міру 1921г. Сталовічы апынуліся ў Заходняй Беларусі, якая стала часткай Польшчы. Польскія ўлады праводзілі актыўную паланізацыю.
У 1938 г. крыжы і купалы былі зняты, царква закрыта, меркавалася зноў яе перабудаваць і адкрыць касцёл.
Але ў кастрычніку1939 г. Заходняя Беларусь была ўключана ў склад БССР. Царкву дазволілі адкрыць, але сталі называць яе Аляксандра-Неўскай.
Царква і сёння з’яўляецца самым вялікім будынкам у Сталовічах, але без купалаў і пазалочаных крыжоў. Гэты белы будынак здалёк відаць усім, хто пад’язджае да Сталовіч. Ён з’яўляецца сапраўдным сімвалам Сталовічаў, іх адметнасцю і непаўторнасцю.
Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса
Ён знаходзіцца таксама амаль у цэнтры вёскі.
Будаўніцтва касцёла вялося на працягу 1907 – 1911гг. Пабудаваны касцёл у неагатычным стылі з прыгожай чырвонай цэглы. Трохнефавая і аднавежавая базіліка, прамавугольны ў плане будынак, з двухсхільным дахам, расчлянёным дахавымі аконнымі праёмамі, з фіяламі ў завяршэнні.
Дамінантай з’яўляецца двух’ярусная званіца (васьмярык на чацвярыку) з высокім шпілем. Фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі праёмамі і кантрфорсамі ў прасценках і па баках будынка. Галоўны ўваход вырашаны моцным перспектыўным парталам і фланкіраваны трохступеньчатымі кантрфорсамі, увянчанымі высокімі шатрамі з крабамі.
Падобныя завяршэнні маюць вуглавыя фіялы алтарнага шчыта. Архітэктурна-мастацкая выразнасць будынка дасягаецца багаццем краповак, профіляў і абломаў, выкананых сродкамі муроўкі, насычаным каларыстычным вырашэннем.
3 ліпеня 2021 года касцёл адзначыў свой 110-гадовы юбілей.